Найскладанейшая вершаваная форма
Верлібр – таямніца, парадокс і пастка.
Таямніца, бо мала хто разумее, што гэта такое. Верш адрозніваецца ад прозы спецыфікай рытмічнай арганізацыі. Не трэба думаць, што рытміка верлібра тоесная празаічнай. Асноўнай адзінкай рытму ў верлібры з’яўляецца вершаваны радок. Пры гэтым верлібравы рытм на першы погляд здаецца чыста сінтаксічным. Радкі тут суадносяцца па “сувымернасці” сінтаксічных канструкцый, інтанацыйна-сэнсавых адзінстваў, якія іх запаўняюць. Чляненне на радкі (што азначае наяўнасць міжрадковай паўзы) ужо не проста графічны элемент: як супадзенне, так і несупадзенне падзелу на радкі з сінтаксічным чляненнем выконвае формаўтваральную функцыю, з’яўляецца адзіным рытмастваральным кампанентам, які ўсведамляе паэт. Але мне здаецца, што падсвядома аўтары верлібраў адчуваюць, што гэтага недастаткова. І вось чаму я так думаю.
Нават у такім “чыстым” верлібры, як “Я хацеў бы спаткацца з Вамі на вуліцы...” М. Багдановіча няцяжка ўбачыць “вертыкальны” рытм, заснаваны на размяшчэнні апорных акцэнтаў (апорны акцэнт знаходзіцца на чацвёртым складзе пасля першага націскнога ў дзесяці радках гэтага верша з трынаццаці). Тое ж самае я ўбачыў пры даследаванні верлібра Р. Барадуліна. Як давёў Д. Іўлеў, прынцып пабудовы танічнага верша У. Маякоўскага той жа самы; калі яго пазбавіць рыфм, павінен атрымацца верлібр! Гэта азначае, што паэты пішуць верлібры, значна больш упарадкаваныя рытмічна, чым прадугледжвае разуменне свабоднага верша як адмаўлення ад усіх звычайных рытмастваральных кампанентаў. Бо паэты прывыклі адчуваць мяжу паміж вершам і прозай; ім бы зусім не спадабалася, калі б іх вершы, запісаныя ў радок, ператварыліся б у прозу. А менавіта такое непрыемнае пераўтварэнне прадугледжвае пануючая канцэпцыя верлібравай рытмікі, паводле якой “асноўная прыкмета <вершавай урэгуляванасці верлібра> – чляненне маўленчай плыні на радкі” (А. Фядотаў). Паэт у нашай свядомасці – менавіта вершатворца. Вось і аказваюцца “факультатыўныя” ў верлібры фактары рытму настолькі прывычнымі для паэтаў, што і пры ўстаноўцы “пісаць без рытму” яны працягваюць у верш рудыменты тонікі, сілаба-тонікі і нават рыфмы (так званыя рыфмоіды). Узнікаюць нават сінтэтычныя формы “паміж” верлібрам і іншымі сістэмамі вершавання. Разумным удакладненнем у разуменні верлібра з’яўляецца сцвярджэнне пра тое, што, у адрозненне ад іншых сістэм вершавання, мера паўтора ў верлібры не сталая, а пераменная і што гэта сістэма індывідуальнага (у залежнасці ад разумення канкрэтным паэтам “правільнасці” і “няправільнасці”) і нават аднаразовага выкарыстання. Можна графічна ці матэматычна паказаць абстрактную схему верша любой сістэмы вершавання, але толькі не верлібра. Верлібр не існуе ў абстрактнай схеме.
Але гэта тлумачэнне толькі рытмічнай прыроды верлібра. А як быць са зместам? Верлібравая форма універсальная ў плане тэматыкі або мае нейкае канкрэтнае “амплуа”?
Існуе думка, што верлібр мае права на існаванне толькі з філасофскім зместам. У гэтым ёсць логіка (логіка тэарэтычная, ніхто не забараняе яе парушаць на практыцы: можна і камедыю гекзаметрам напісаць). Сапраўды, апісваць верлібрам веснавы краявід у пейзажным вершы – нонсэнс. Чаму? Верлібравы рытм у моцнай ступені – “сэнсавы”; гэта шлях ад эмацыянальнага да рацыянальнага, ад аўтаматызму гучання – да дынамікі думкі. А ў спецыфічна эмацыянальным па змесце творы навошта адмаўляцца ад ірацыянальнай сугестыўнасці танічнага рытму? Разам з тым, верлібр – не філасофскі трактат, а “ўсё ж такі” паэзія. Таму тут патрабуецца ўзмоцненае вобразнае мысленне. І ўжо нельга схавацца за гучаннем. Агульнавядома, што за гучаннем у вершы можна схаваць любое глупства і ніхто не заўважыць. Калі ж ты будзеш хавацца ў верлібры за цьмянасцю думкі (вялікая спакуса!) – эстэтычны крах табе забяспечаны. Пры адсутнасці рыфмы і “прывычнага” рытму, якія цэментуюць “звычайны” верш, верлібр можа быць сцэментаваны толькі змястоўнай, матываванай вобразнасцю, выразнай кампазіцыяй і – галоўнае – думкай. Іначай ён робіцца аморфным кавалкам нейкай надзвычай нуднай квазілірычнай ці квазіпубліцыстычнай прозы.
Такім чынам, верлібр – найскладанейшая вершаваная форма. Парадокс жа заключаецца ў тым, што ён чамусьці здаецца найпрасцейшай формай. І вершатворцы накідваюцца на яго бяздумна. Апошняе літаратурнае пакаленне XX стагоддзя прадэманстравала ўсеагульную любоў да верлібра. Але былі і тайныя зласліўцы гэтай формы. Тайныя, бо ніхто ж не хоча праславіцца як рэтраград. І калі Вольга Угрыновіч чытала свае вершы (а гэта вельмі прыгожае чытанне) хто-небудзь абавязкова бурчаў сабе пад нос, што гэта “ніякія не вершы”. Верлібр сапраўды можа стаць не-вершам (В. Угрыновіч гэта ніяк не датычыцца), калі паэт не разумее эстэтычнай сутнасці гэтай формы. Верлібр можа стаць пародыяй на сябе. Верлібр, як бачым, страшная пастка!
На маю думку, у межах творчасці аднаго паэта толькі тады адносіны з верлібрам будуць прадуктыўнымі, калі гэта будзе не адзіная (а разам з тым, і не табуіраваная) вершаваная форма ў яго рэпертуары (гаворка, у прынцыпе, ідзе пра ўсходнеславянскі літаратурны кантэкст). Сам зварот да пэўнай формы павінен несці нейкую семантычную нагрузку. Я ўжо не кажу пра семантыку рытмічнай арганізацыі. Здаецца, некаторыя паэты пераходзяць на верлібр і адмаўляюцца ад іншых сістэм вершавання, бо не знаходзяць ніякай эстэтычнай вартасці ў сілаба-танічных метрах, танічным рытме і ў рыфме. Як ужо было сказана, поўнасцю адмовіцца ад рудыментаў тонікі і сілаба-тонікі яны не могуць, але сама разумовая “ўстаноўка на верлібр” для кагосьці азначае няўвагу да гучання, адмаўленне ад выкарыстання сродкаў эўфоніі. Адсюль – інтанацыйныя (і сэнсавыя) празаізмы, гукавая нязграбнасць і г.д. Між тым, эстэтычныя магчымасці рытму невычарпальныя. І нават сама семантычная нагружанасць сілаба-танічных памераў (іх семантычныя арэолы) прадуцыруе для паэта не толькі цяжкасці, але і незвычайныя магчымасці семантычнай гульні (вось свята для постмадэрністаў!). Магчымасці танічных форм не тое што не вычарпаныя, але ніхто яшчэ і не пачынаў іх вычэрпваць. Цяжэй з рыфмай. Здаецца, што яе магчымасці ў канкрэтнай нацыянальнай паэзіі могуць быць вычарпаны вельмі хутка. Але вядома, як гэтая праблема вырашаецца: пераасэнсоўваецца эстэтычнае значэнне недакладных рыфм, узнікаюць распыленыя рыфмы і г.д. Майстэрства паэта тут асабліва ярка праяўляецца ў пераадоленні цяжару традыцыі, а не ў адмаўленні ад яго. Я не хачу сказаць, што няма сэнсу звяртацца да верлібра. Сэнс вялікі! Але гэты сэнс ёсць толькі ў кантэксце ўсіх іншых ужывальных зараз вершаваных форм. Мінус-прыём (паводле Ю. Лотмана) мае сэнс менавіта як МІНУС-прыём.
Зварот да “мінус-форм” (як мінус-форму разумее верлібр Я. Пыльдмяэ) у культуры ў глабальным плане сапраўды абумоўлены адноснай вычарпанасцю гэтай культуры, але не трэба абстрактныя ідэі разумець вельмі літаральна. (Я кажу “адносная вычарпанасць”, разумеючы, што гэта аксюмаран; маецца на ўвазе суб’ектыўнае, але ўсеагульнае – зноў аксюмаран – адчуванне вычарпанасці.) Адносная вычарпанасць культуры – перманентная з’ява. Яна паўтараецца ў культурна-гістарычным працэсе згодна з “прынцыпам спіралі”, і кожны раз здаецца, што гэта “канец свету”. Вось верлібр і стаў “вершнікам на бледным кані”. Але конь ужо добра адкарміўся і выглядае даволі сытым Пегасам. Іншымі словамі, мінус-форма, страціўшы мінус, можа страціць і сэнс. А гэта здарыцца абавязкова, калі вершатворцы будуць эксплуатаваць форму без усялякага разумення (адчування) яе эстэтычнай сутнасці ў літаратурным кантэксце.
E-mail: dubrovski@list.ru
 

Hosted by uCoz